МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці цел у розных агрэгатных станах на аснове ўліку іх малекулярнай будовы.
Вывучае мех. (напр., вязкасць, пругкасць) і цеплавыя (напр., цеплаёмістасць, цеплаправоднасць) уласцівасці цел, а таксама фазавыя пераходы і паверхневыя з’явы. Падзяляецца на фізіку газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; цесна звязана са статыстычнай фізікай, фізікай цвёрдага цела і фіз. хіміяй. У развіццё і станаўленне М.ф. вял. ўклад зрабілі А.Авагадра, М.В.Ламаносаў, П.Лаплас, Дж.К.Максвел, М.Смалухоўскі і інш. М.ф. дала пачатак самастойным раздзелам фізікі: фізіцы металаў, фізіцы палімераў, фізіцы плазмы, тэорыі цепла- і масапераносу, фіз.-хім. механіцы. Заканамернасці М.ф. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы тэхнал. працэсаў для атрымання матэрыялаў з зададзенымі фіз. ўласцівасцямі.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)